h

30 гадоў

1.
21-га верасня выбраліся з жонкай і цесцем у грыбы, другі раз за год. Прырост маёй збіральніцкай актыўнасці, такім чынам, складае 100% у параўнанні з мінулым годам і плюс-бясконцасць у параўнанні з усімі папярэднімі ўзятымі разам. Нічога не сабралі, падобна на тое, што гумовы конадзень дэвальвацыі з дэнамінацыяй супаў з закрыццём грыбнога сезону, і таму кіроўцы запаркаваных уздоўж лесапалосаў чорных джыпаў у параксізмах дурнога рэлаксу, абабралі ўсе запар грыбы, акрамя мухамораў, сыраежак і паганак.

Былі праездам у вёсцы Жукаў Барок, адведалі млын 1911 года пабудовы. Два паверхі, гарышча (з небяспечнай падлогай) і падвал, салідная плошча памяшканняў. Тэхнічныя артэфакты і прыстасаванні знаходзяцца ці не ў поўнай камплектацыі і ў добрым стане. Ёсць адгароджаная курылка са столікам і штабелем пустых бутэлек з-пад чарла. На падлозе — россып квітанцый на памол (найсвяжэйшыя датуюцца 2000 годам) і пакамечаныя пачкі з-пад Monte Carlo. Былі прыемна здзіўленыя тым, што не давялося лезці ў будынак праз вакно, магутныя ўваходныя дзверы зачыняюцца на просты засоў. Прычына добрага стану млына крыецца, мяркую, у статыстыцы: паводле перапіса 2009 года насельніцтва вёскі складалі ўсяго 63 чалавекі, а на двары цяпер 2013-ы. Во як.

Зрэшты, нечалавечага выгляду карусель у адным з двароў (наступным разам абавязкова сфатаграфую, натуральныя «дзеці кукурузы» і «плецены чалавек») відавочна не абыйшлася без млынарных дэталяў.

Шыльда на млыне сведчыць аб шасці расстраляных і спаленых 13 чэрвеня 1944 года жыхарах. Невялікая колькасць і ўзроставы разброс (ад 7 да 65 гадоў) сведчаць пра карную меру з нямецкага боку. Чуў версію пра партызана, які не толькі ўдала разжыўся ў вёсцы самагонкай, папярэдне сумленна яе прадэгуставаўшы, але і за нейкім херам у адзін ствол паспрабаваў даць бой цэлай нямецкай калоне.

2.
Мне, дарэчы, 21-га верасня споўнілася 30 гадоў. Зважаючы на вышэйапісаную паездку ў грыбы ў той дзень, не магу не ўзгадаць бессмяротнае з Венічкі Ерафеева.
Вот, помню, когда мне стукнуло двадцать лет — тогда я был невозможно одинок. И день рождения был уныл. Пришел ко мне Юрий Петрович, пришла Нина Васильевна, принесли мне бутылку столичной и банку овощных голубцов — и таким одиноким, таким невозможно одиноким показался я сам себе от этих голубцов, от этой столичной — что, не желая плакать, заплакал…

А когда стукнуло тридцать, минувшей осенью? А когда стукнуло тридцать — день был уныл, как день двадцатилетия. Пришел ко мне Боря с какой-то полоумной поэтессою, пришли Вадя с Лидой, Ледик с Володей. И принесли мне — что принесли? — две бутылки столичной и две банки фаршированных томатов. И такое отчаяние, такая мука мной овладели от этих томатов, что хотел я заплакать — и уже не мог...

Васемнаццацігадовым я адзначэнне ўласнага дваццацігоддзя прыкладна гэтак сабе і ўяўляў, і самае смешнае тое, што цяпер нават не магу прыгадаць, ці святкаваў яго наогул. Найхутчэй што не, бо «25, 26, 27…» чамусьці памятаю, а ўсё што раней — не памятаюць ні сваякі, ні сябры. Трыццацігоддзе ў тыя ж 25 вымалёўвалася па той самай схеме, толькі без Боры, Вадзі, Ліды, усіх астатніх Валодзь і фаршаваных таматаў. Нават бутэлька і тая мусіла быць адна.

Ну і вось маем у выніку — палову дня беспантова шукаў грыбы ў лесе з жонкай, а затым на прапанову ейнага дзядзькі дзябнуць па малавасьценькай гарэліцы адказаў, паламаўшыся для парадку, — «НЕТ»! Як бледнага выгляду падшыты мужык з відэльцам і шклянымі вачыма з вядомага плакату.

3. Адам Глобус «Post Scriptum»
Вычытаў:
Жах перад зьзяньнем Бога — пачатак мудрасьці, страх перад д’яблам — пачатак разбурэньня, вар’яцтва й гвалту.

Задумаўся.

І страх, і жах (моцны страх), гэтыя адмоўныя з пункту гледжання афіцыйнай навукі аб душы эмацыйныя працэсы, з’яўляюцца, па ўсім відаць, неад’емнымі характарыстыкамі як Бога, так і д’ябла.

У выпадку д’ябла ўсё даволі відавочна, пачынаючы хаця б з таго, што ў масавым уяўленні ён часта мае знешнасць Пана, персанажа старажытнагрэцкай міфалогіі, адказнага, сярод іншага, за з’яву, вядомую пад назвай «паніка» — некантралюемы жах (у хрысціянскім свеце да з’яўлення псіхалогіі некантралюемыя псіхічныя праявы расцэньваліся як апантанасць). Д’ябал характарызуецца страхам настолькі моцна, што нават дадзеная яму святым апосталам Янам ганебная мянушка «бацька хлусні» мае тыя ж міфічныя карані — бацькам Пана прынята лічыць Гермеса, бога гандлю, прыбытку, падману і злодзейства. Не бацька дык сын.

Але цікава, што меры, лічбы, алфавіт прыдумаў таксама Гермес. І навучыў усяму гэтаму людзей — таксама ён.

З Богам усё нашмат складаней, адназначнага вытлумачэння страху Божага, здаецца, не існуе. Мне трапілася такое: з’ява гэтая ў цэлым станоўчая і азначае ўздзеянне благадаці Святога Духа на чалавека такім чынам, каб апошні адчуў Боскую прысутнасць і ўстрымаўся ад граху.

Сучасная псіхалогія не мае адзінай класіфікацыі страхаў, кожная група даследчыкаў стварае адпаведную канкрэтнай задачы. Гэтак, некаторыя падзяляюць увесь спектр уласцівых чалавеку страхаў на біялагічныя, сацыяльныя і экзістэнцыйныя. Лёгка здагадацца, пад чыю юрысдыкцыю ў хрысціянскай оптыцы трапяць страхі біялагічныя і сацыяльныя, дастаткова ведаць, хто «князь свету гэтага». Страхі ж экзістэнцыйныя сапраўды стымулююць філасофскія памкненні.

Напэўна, страх — гэта «нізкаўзроўневая» мова зносінаў з «начальствам». Бо навука сёння ведае: што-што, а страх чалавек умее адчуваць з першых секундаў жыцця.
  • Current Music
    Сектор Газа "30 лет"
Кревед!

Я — адэпт расійскага неанацызму

1.
Несупынна і ўсебакова разважаў пра ўчынак Папы Рымскага. Як ні круці, а ўсе ніткі вядуць да Антона Ташырскага. Ягоных рук справа. Не сумняюся, што тыя, хто ў тэме, пагодзяцца са мной. На карысць маёй версіі сведчыць яшчэ і той факт, што ці не перад самым адрачэннем Папа адкрыў для сябе інтэрнэт і нават завёў блог на твітары.

2.
Чытаў Алеся Гінзбурга, засмуціўся. Бо напраўду мала свайго мае Беларусь, але «свойскую» літаратуру ўсё ж мае. Не дужа папулярную, але вельмі самабытную. Ёй двойчы давялося спасцігаць мадэрнізм, аднойчы — генацыд і ніводнага разу — постмадэрнізм. Урбаністычная тэма ў белліце яшчэ нейкіх гадоў сем таму раскрывалася праз апісанне роздумаў «гараджаніна» на аўтобусным прыпынку аб тым, як там цяпер без яго ў вёсцы, ці выгналі ўжо ў поле каровы, і ці дастаткова прагрэлася ралля, каб прыняць у сябе зерне. Ну і сярод рознага такога беларуская літаратура мае яшчэ і Юрыя Станкевіча, класіка, прысутнага ў школьных падручніках, які, пішучы на эўранеперакладальную тэматыку па-беларуску, нязменна прыцягвае ўвагу сталай аўдыторыі (адэптаў расійскага неанацызму, калі верыць Гінзбургу). Здавалася б, ганарыцца трэба ўнікальным дзедам, даваць гранты, забяспечваць умовы, цалаваць у сраку і выдаваць у цвёрдай вокладцы… Але ж не! Нам патрэбныя свае бестсэлеры, свае Умберта Эка, свае Данцовы і свае Джааны Роўлінг. Каб як у людзей. І чаго людзі не маюць, каб у нас таксама не было. Гадоў праз 20 пра такія заявы звычайна шкадуюць, хто мае чым шкадаваць, справа ардынарная, што і казаць. Нюанс у тым, што праз 20 гадоў нагодай для шкадавання могуць стацца не зрухі у этычнай парадыгме, як тое часам здараецца «ў людзей», а знікненне самога прадмету беларускай літаратуры — беларускамоўнага беларуса.

3.
Сябры! Доўга не выкладаў тут ніякай музыкі, але пры гэтым не пераставаў музыку слухаць. І вось на днях правёў быў рэвізію праслуханага ды зразумеў дзьве рэчы. Першае — гэта што мне не хопіць імпэту, каб выкладаць альбомы ў тым жа аб'ёме і з каментарамі надалей. А другое — што імпэт губляецца ад таго, што пісаць я стараўся налягаючы на факты з мінімумам асабістых ацэнак. Будзем лічыць гэта ўдалым эксперыментам на журналісцкае пакліканне — высветлілася, што ў мяне яго няма. Такім чынам, альбомы выкладаць не перастану, але выхад рэлізаў з выканаўцы паменее разоў у 10, а ў апісаннях спрэс будзе густаўшчына. Пару альбомаў перавыкладу з перапісаным каментаром, бо на тую стэрыльнасць, што вісіць ніжэй, няма моцы глядзець.
  • Current Music
    Урфин Джюс "Человек Наподобие Ветра"

Валянцін Акудовіч «Мяне няма»

НАРЭШЦЕ перавыдалі «Мяне няма» Акудовіча. Чытаю і смяюся. Ад шчасця, вядома.

Па-першае, праз гэты доўгачаканы выдавецкі акт мусіць паменець ідыётаў, якія пошла рэагуюць на прозвішча шаноўнага метафізіка, пачынаючы пры любой яго згадцы не да месца нямакаць. А па-другое, мусіць паболець беларусаў, якія не толькі чулі пра гэты эсэй, але яшчэ і чыталі яго. Беларусам чытаць Акудовіча наогул карысна. Нястомна паўтараю гэта амаль ужо дзесяць гадоў, ад часу выхаду першай часткі суплёта эсэ «Вялікая здрада» ў часопісе «Дзеяслоў» за, здаецца, 2004 год.

Першае выданне «Мяне няма» было ажыццёўлена ў рамках амаль забытай кніжнай серыі «Сучаснае беларускае мысленне» — дадатку да неіснуючага сёння часопіса «Фрагмэнты» — на замову паўміфічнага Цэнтру Эўрапейскага супрацоўніцтва «Эўрафорум». На двары стаяў блаславёны 1998 год, рэгулярны «Рок па вакацыях», «Край» з «Белым Легіёнам» у электрацыях, «Малады Фронт» пры справе, Вячорка адной нагой на старой Управе, можна распіваць «Аліварыю» на Панікоўцы з «Бумбамлітам», а па днях нацыянальных святаў пасля шматтысячнага шэсця хваліцца мордай пабітай. У тагачасных варунках убачыць за правакацыйным загалоўкам нешта большае за асветніцка-педагагічную спробу скарэктаваць постмадэрновым вектарам выразна кансерватыўны курс беларускай думкі наўрад ці хто быў здольны. Тым больш уявіць, што найбольш выгодным фонам для гучання ідэяў Акудовіча будзе дзень сённяшні, калі ад культурніцка-палітычных выгодаў эпохі ранняга аўтарытарызму не засталося згадкі, нават ад пералічанай вышэй малой часткі. Адрэзак часу, па іроніі лёсу пазначаны выхадамі першага і апошняга нумароў ARCHE (інкарнацыі вышэйпамянёных «Фрагмэнтаў», дарэчы), Акудовіч перажыў героем уласнаручна створанага анекдоту пра самога сябе, і хто ведае, наколькі слава чалавека, «якога няма» (прасціцерадзібога!), дапамагла яму не толькі не знікнуць з інтэлектуальнай прасторы, але яшчэ і не перастаць забаўляць публіку парадаксальнымі рэфлексіямі і займацца асветніцка-педагагічнай працай ужо непасрэдна з навучэнцамі Беларускага Калегіюма…

Я што хачу сказаць… Казань пра «нішто», багата перасыпаная ўжо малаактуальнымі на той час для Еўропы здабыткамі еўрапейскай, і, у першую чаргу, французскай філасофіі сярэдзіны XX стагоддзя, прамоўленая ў маладой, пасіянарнай (выбачаюся за тэрмін, аналагічна выбачэнням спадара Валянціна напачатку кнігі за згадку пра Вернадскага), напоўненай ідэямі, палітычнымі рухамі і маладымі актыўнымі людзямі Беларусі можна расцэньваць як мастацкі акт, асветніцтва, пасільны ўнёсак у агульную справу, культурную правакацыю і да т.п. Казань жа пра «нішто», багата перасыпаная цяпер ужо зусім неактуальнымі здабыткамі еўрапейскай філасофіі мінулага стагоддзя, прамоўленая на нежывой мове пасярод культурных могілак, у якія за 15 гадоў тут пераўтварылася усё чыста — гэта ў любым разе нешта непараўнальна большае, нешта напраўду метафізічнае, гэта Жэст, галашэнне ў пустэльні.

Працягваю перачытваць… Мо яшчэ напішу нешта з нагоды…
  • Current Music
    Майк "Буги-вуги каждый день"
h

Царква «Новае жыццё» імя Р. Столмана

АДНЫМ махам насраў у кіпу Білу Гейтсу і на магілу куміра моладзі Стыва Джобса — знёс усё нахер з вінта і паставіў Linux на дэсктоп. Зыходзячы выключна з рэлігійных меркаванняў.

Пакуль зносіў ды ўсталёўваў, увесь час страшэнна баяўся магчымых праблемаў праз сваё ламерства, думаў, не здолею вытрываць непад'емнасці тэрмінала, пастаянных адмоваў і вылетаў праграм, крывізны ды квадратурнасці інтэрфейсаў GNU-шных праектаў і ўсяго такога. Трэцяга чысла паставіў, пасля тры дні запар пратрахаўся з усталяваннем усяго неабходнага (вінт жа фарматнуў, нагадваю, а да таго UNIX-like бачыў толькі здалёк), разбіраўся з наладкамі, авалодваў базавымі навыкамі, а цяпер сяджу галаву рукамі абхапіўшы і думаю: ляха-муха, я не ў той бок жыў раней! Мне нарэшце адкрылася ісціна! Маніфесты і этыка фрысофтаўцаў — гэта ніякі не партызанскі супраціў прышчавых чырвонаглазых амігас з нямытымі валасамі супраць капіталістычна дэтэрмінізаванага свету! Гэта ўсяго толькі шляхетная боязь незваротна зашкварыцца, крануўшыся прапрыетарнага гаўна — што майкрасофтаўскага, што эйплаўскага — хоць пальцам. Этычная гігіена!

Усё прыгожа. Усё бясплатна. Усё працуе. Усё UNIX-like. Шалёна грузіў сістэму тузінам запушчаных праграм — і толькі аднойчы дабіўся падзення шыбздзічнага пітонаўскага кліента над неданаладжаным дэманам (больш такога не здаралася). За гэтыя тры дні і дасёння я прасунуўся ў разуменні таго чым ёсць кампутар і як ён працуе больш, чым за тры апошнія гады.

Асабіста мне крыху няўтульна праз бягучую версію Scribus'a. Але пакуль выйдзе свежая, больш прасунутая, я спадзяюся паспець авалодаць TeX'ам і тым самым звесці сваю патрэбу ў Scribus'у да мінімуму. Вось і ўсё, бадай, на сёння.
  • Current Music
    Майк "Песня простого человека"
Кревед!

Трэба брацца за розум

1.
Выдаліўся з сацыяльных сетак, пакінуў толькі блог ды ягоныя люстэркі. Не проста раздражняць, але выбешваць пачалі і Facebook з ягонымі хіпстанутымі ябланаўтамі-капірастамі, і «Вконтакте» з кацянятамі і тупізмам, патыраным з іміджбордаў (іх, дарэчы, таксама добра паеў рак), і «Одноклассники» з мамашамі ў тэрмінальнай стадыі радзільнай гарачкі. Увесь час падаграваў сябе думкай, што выдаліцца варта ўжо хаця б таму, што зрабіць гэта не так проста — паспрабуйце, адразу ў вас нічога не атрымаецца, — але і так усё зразумела: мікраблогі ды сацыяльныя сеткі адымаюць надзвычай шмат часу рэальнага жыцця, не спараджаюць паўнавартаснай камунікацыі, прадукуючы замест гэтага просты шум, і, да ўсяго, вымалёўваюць даволі непрыглядную, ніжэй за самыя аптымістычныя чаканні, фігуру шараговага карыстальніка інтэрнэта. Можна канстатаваць: нізкі парог уваходжання ў інтэрнэт і агульная распаўсюджанасць гэтага ўнікальнага інструмента інфармацыйнага абмену прывялі да таго, чаго і варта было чакаць — Сеціва (не толькі сацсеткі) сёння дашчэнту залітае тупым і агрэсіўным гаўном з рэалу, уся дзейнасць якога ў наўпростай ці апасродкаванай форме зводзіцца да выканання жандарскіх функцый.

2.
Трэба прымушаць сябе нешта пісаць сюды, а то амаль развучыўся гэта рабіць. Пісаць пра музыку, пра кіно і шчыра дзяліцца змесцівам галавы. Тым больш што гэтага якраз хочацца, проста то справамі заняты, то банальна лянуюся.

3. Свабоду шведскаму народу!

192.83 КБ
  • Current Music
    Front Line Assembly "Neologic Spasm"

Зноў восень

1. Памёр Чорны Лукіч.
Адзін з тых самых «сібірскіх панкаў» першай хвалі. Не ведаю як цяпер, а раней з ягонай творчасцю знаёміліся ў звязку з творчасцю Летава, з якім Лукіч, як неўзабаве высвятлялася, эстэтычна не меў нічога агульнага, нягледзячы на шматгадовае сяброўства і супрацу. Няўлоўны сэнс мінімалістычных тэкстаў, ніякай злабадзёншчыны, спакойная музыка, лірычны лад. Абсалютна беспафасная, камерная творчасць.

Яго рэальна любілі ўсе.

Я не трапіў ні на водны ягоны канцэрт у Мінску. Дзіма Кузьмін часта даваў кватэрнікі, але я ўсё адкладаў. Літаральна пару тыдняў таму youri_uskoff клікаў мяне на чарговы выступ Лукіча — і я зноў адмовіўся.

Лукіч вельмі дапамог мне калісьці канцэртнікам «Берег Надежды» (2002).

Сумна.



2. Памёр Барыс Стругацкі.
Таксама сумна.
  • Current Music
    Чёрный Лукич "Осень"